У 28-гадовай Валянціны Нагорнай пазыўны Валькірыя. Яна былы майстар па манікюры, а цяпер — медык 3-й асобнай штурмавой брыгады УСУ, і яе інстаграм-акаўнт забіты фота, якія не ўсе хочуць бачыць. Там шмат крыві, ірваныя, «непрыгожыя» раны, часам — разарваная скура косткі, што тырчаць з-пад яе. Сацсеткі пазначаюць гэтыя здымкі як «патэнцыйна непрымальны кантэнт». Валькірыя кажа, што часта чуе папрокі і ад саміх украінцаў: «Маўляў, ты паказваеш гэтыя фатаграфіі — і дэмаралізуеш людзей. Але вайна — гэта не кветачкі, гэта не міла. Так выглядаюць рэаліі. Людзі застаюцца без канечнасцяў, вяртаюцца дадому ў магілах. На жаль, тут гэта становіцца нармальным». Калі пачалося поўнамаштабнае ўварванне Расіі, яна пайшла ў тэрабарону «Азова». Але яе адмовіліся браць, «бо дзяўчынка». Тады Валькірыя адказала, што нікуды не пойдзе, — і за паўтара года вырасла ў баявога медыка. «Люстэрка» запісала яе маналог.

«Да вайны я не была медыкам. На першых выездах не было „трохсотых“ — я вазіла целы. Кавалкі целаў»
Не магу назваць пункт, але мы цяпер на Бахмуцкім напрамку. Я працую на стабпункце — да нас прывозяць параненых з фронту. Мы тут робім поўную «рэвізію» іх стану, ператампануем, шынуем, калі трэба — робім інтубацыю, можам увесці ў кому пры адкрытай чэрапна-мазгавой траўме. Зашывалі артэрыі, састаўлялі сківіцы, твары, рукі-ногі — усякае бывала. Максімальна стабілізуем байца, каб далей ён бяспечна даехаў да ваеннага шпіталя ці, калі нашых дзеянняў дастаткова, адразу да бальніцы.
Цяпер у нас некалькі брыгад, шмат кваліфікаваных медсясцёр, дактароў, і можна мяняцца, сітуацыя лягчэйшая, і пайсці легчы адпачыць не праблема. Але наогул на стабпункце няма падзелу на дзень і ноч — тут усё ўперамешку. Бывае, у цябе 24/7 праца, ты не разбіраешся, ні які месяц, ні якая дата, ні які дзень тыдня — проста працуеш і працуеш. Часам можаш нармальна паспаць, устаць, выпіць кавы, схадзіць у душ, а часам наогул не кладзешся. Неяк я спала па гадзіне-дзве. Ёсць фотка, дзе ад недасыпу я выглядаю, быццам тры дні піла.
Але калі прывозяць шмат параненых, у перапынках паміж працай ты не ідзеш спаць. А толькі курыш, курыш і курыш. Проста пачкамі. У мяне ўсё забітае цыгарэтамі, электронкамі. Я нават не ведаю, чаму гэта. Можа, і нервы, але ўжо ўвайшло ў звычку. Бывае, нават не ясі — курыш і ідзеш далей працаваць, проста становіцца лягчэй.
Я не была медыкам да вайны. Па прафесіі — біятэхнолаг, а працавала майстрам манікюру і педыкюру (смяецца). Увечары 23 лютага мы пасядзелі з сяброўкамі, пакурылі кальян, выпілі кактэйляў, калі разыходзіліся, неяк усе засмуціліся: «Напэўна, будзе вайна». Я з Кіева, мая кватэра недалёка ад раёнаў, якія пачалі бамбіць раніцай 24-га. А пятай раніцы ўрываецца ў пакой мама з крыкамі «пачалася вайна». І я такая: «Клас! Акурат тое, пра што я „марыла“ ўсе свае 27 гадоў!» (смяецца)

У мяне не было ніякіх эмоцый, страхаў — моўчкі напісала сябрам, якія яшчэ з 2014-га служылі ў «Азове» і былі ў Нацыянальным корпусе, што я гатовая і хачу ісці. Яны сказалі, мяне наўрад ці возьмуць, бо дзяўчынка. Калі запаўнялі анкеты, так і атрымалася: «Ты дзяўчынка, мы цябе не бяром». Я адказала, што мяне гэта не хвалюе. Не трэба так зневажаць жанчыну, казаць, што яна тут не патрэбная і не зможа нічога зрабіць. Жанчына можа займацца тымі ж рэчамі, што і мужчына. Я псіхічка, упертая, калі мне трэба — буду ісці напралом, па галовах. Я разумела, што вытрымаю ўсё гэта. Чаму? Калі ўвесь час сумнявацца, нават у жыцці нічога не атрымаецца. Трэба спрабаваць, і толькі калі ўжо паспрабаваў і не выйшла, пакідаць гэтую ідэю. У мяне агідны характар, але ён дапамог шмат чаго дамагчыся за гэтыя паўтара года.
Я тады засталася і ўжо 26-га знаходзілася ў медпункце. На той момант мы былі тэрабаронай «Азова», створанай ветэранамі палка. Потым мы афіцыйна сталі ССА «Азоў Кіеў» (сілы спецаперацый. — Заўв. рэд.), а пасля аперацый на Запарожскім, іншых напрамках — 3-й асобнай штурмавой брыгадай УСУ.
Першы час я была парамедыкам эвакуацыйнага аддзялення — ездзіла на медэваках (аўтамабілі, на якіх праводзіцца медыцынская эвакуацыя з зоны баявых дзеянняў. — Заўв. рэд.). Мы рабілі мінімальныя маніпуляцыі параненым і везлі іх у шпіталь. Спачатку я магла проста нешта перавязаць, затампанаваць, паставіць катэтар у вену і да таго падобнае. Са мной заўсёды былі дактары, яны мяне адну ніколі не пакідалі, расказвалі, што рабіць, якія прэпараты патрэбныя. Але на маіх першых выездах не было «трохсотых» — былі «двухсотыя». Я вазіла целы. Я вазіла кавалкі целаў. Я іх не бачыла — памятаю, мне далі цела ў бауле, у нашым «пікселі» УСУ (камуфляжная форма. — Заўв. рэд.), сказалі адвезці ў морг. Я так і не адкрыла той баул тады. У моргу першы раз закружылася галава — стаіш сярод целаў нейкіх хлопцаў, пажылых людзей, думаеш: «Што наогул адбываецца?!»
Першае раненне здарылася, калі мы ўжо з’ехалі з Кіева. Паступіла пяць чалавек, у аднаго раздробленыя рука, ногі, твар. Секунд пяць у мяне быў ступар, кшталту «а што гэта, што далей рабіць». Потым адключаеш эмоцыі, думкі і проста пачынаеш працаваць. Пасля я расплакалася, была істэрыка, а на наступны дзень усё прайшло. Цяпер насіцца з кавалкам рукі, бегаць з нагой і шукаць для яе пакет, каб адвезці разам з параненым у бальніцу, для мяне абсалютна нармальна. Мне вельмі падабаецца на стабпункце, я дастаю аскепкі і кулі, шыную пераламаныя ногі і рукі, прамываю раны. Прашу хірургаў, каб мяне вучылі, і цяпер і аперую, і шыю, і што заўгодна. Пару разоў зашывала сцегнавую артэрыю. Гэта вельмі далікатная праца. Першы раз страшнавата было, ручкі трэсліся (смяецца). Ніколі не думала, што буду такія рэчы рабіць.
«Міны разрываюцца за 15 метраў ад цябе, пі***ы ходзяць, па рацыі перадаюць, што снайпер працуе»
Пасля Кіева я прайшла ўсе напрамкі, дзе была нашая брыгада, — Херсонскі, Запарожскі, Бахмуцкі. У Бахмут мы прыехалі восенню-зімой мінулага года. Там рознае бачыла. І пі***скае поле было — вельмі шмат, дзясяткі трупаў рускіх валяліся. Валяліся і раскладаліся, смярдзелі. Я да гэтага проста стаўлюся: ты прыйшоў на гэтую тэрыторыю — тут і застанешся.
Памятаю, у першыя дні патрэбныя былі медыкі на эвакуацыю ў пасадку на самы «нуль» (лінія судакранання. — Заўв. рэд.), там заставаліся нашыя параненыя. Кажу: «Я хачу!» Паехалі ўдваіх з траўматолагам на некалькі дзён. На адным пункце ў бліндажы было пяцёра «лёгкіх» (байцы з лёгкімі раненнямі. — Заўв. рэд.), мы агледзелі, ці няма крывацёкаў, перабінтавалі і эвакуявалі іх, а самі засталіся. І вось я сяджу ў гэтай пасадцы. Сяджу і хачу ў прыбіральню, думаю: выходзіць ці не выходзіць. Мне заўсёды страшна, што мяне ў гэты момант хтосьці ўбачыць (смяецца). Там наогул, ведаеце, не так страшна, калі міны разрываюцца за 15, за 20 метраў ад цябе, пі***ы ходзяць, па рацыі перадаюць, што снайпер працуе, як калі мышы бегаюць па бліндажы.
Ой, тыя два дні — гэта было наогул нешта з нечым… Чуеш — хтосьці швэндаецца на дварэ. Думаеш: так, на цябе выйдуць ці не выйдуць, кінуць гранату ці не? Жудасна мерзлі ногі, я ляжала на драўляных палетах у броніку, касцы, у спальніку, зверху — яшчэ адзін спальнік. Замест падушкі — заплечнік, пад бокам — аўтамат. Холадна настолькі, што не можаш заснуць, ляжыш, утыкаеш на тых мышэй. З пазіцыі асабліва нікуды не выедзеш — вакол балота, вада, бруд. Пра што там думаеш? Я баялася, што будзе абмаражэнне ног, перажывала, што застануся без пальцаў, — больш ні пра што. Але такіх вылазак у нас няшмат было: медслужба не мусіць ездзіць на «нуль».
Хоць у Бахмут і па стабпункце, бывала, «касеткі» прыляталі (касетныя снарады. — Заўв. рэд.). Наогул, мне здаецца, рускім по**р, куды страляць. Для іх тут «натаўскія войскі», і яны б’юць усюды: і па нашых машынах, і па звычайных (цывільных. — Заўв. рэд.), і па школах, бальніцах.

Мінулай зімой у нас тут не было вады (толькі пітная), каналізацыі, цяпла і вокнаў — побач «прыляцела». Вокны мы заляплялі плёнкай, калі знаходзілі — матрацамі нейкімі, коўдрамі. Самі спалі ў зімовых спальніках, куртках, цёплых рэчах. Памыцца нармальна — немагчыма. У нас стаяць апараты штучнага дыхання, шмат іншай апаратуры, якую трэба падключаць, каб выцягнуць «цяжкага» параненага з таго свету. Мусяць працаваць уфошкі (абагравальнікі. — Заўв. рэд.), а тая жудасная праводка, якая ў нас была, усё не цягнула. Але мы ніколі не страчвалі параненых праз гэтага — ледзь што, бралі той жа партатыўны ШВЛ з медэвака.
Раненні да нас прывозяць абсалютна розныя. Ёсць ДТЗ, кантузіі, мінна-выбуховыя, кулявыя. Хтосьці пацярпеў ад працы авіяцыі, танчыкаў, мінамётаў. Бываюць атручанні невядомым рэчывам — і газы, і фосфар. Усе раненні — агідныя. Але самае страшнае, напэўна, міны. Яны разрываюцца на тысячы маленькіх аскепкаў, можа цела пасекчы так, што проста жах. Аскепкавых раненняў, напэўна, працэнтаў 80 ад усіх.
«Адарвала верхнюю сківіцу, ніжнюю, частку шчакі і нос — і баец жывы»
Калі параненыя прыязджаюць, могуць раўці ад болю, плакаць, у кагосьці — істэрыка, нервовы зрыў (гледзячы які ў чалавека болевы парог і псіхіка). Але гэта нармальна, калі пераламаць костку, любы будзе крычаць. Мы з імі размаўляем, каб адцягнуць, колем абязбольвальнае, супакаяльнае. Пакуль яны ў свядомасці, хтосьці кажа «я больш туды не пайду, там мясарубка», а хтосьці — «усё будзе акей, папраўлюся і вярнуся». Але часцей за ўсё я чую «не адразайце мне нагу» (смяецца). Хлопцы просяць захаваць канечнасці. А некаторыя — патэлефанаваць родным. Гэтым я заўсёды кажу: «Ты ў свядомасці, тэлефон пры табе — сам тэлефануеш і сваім голасам кажаш, што жывы і з табой усё ў парадку». Мы стараемся максімальна пераводзіць усё ў жарт, каб было лягчэй і байцу, і нам.
Памятаю, я везла мужчыну гадоў 50 па саракаградуснай спёцы праз палі, пясок. Ён задыхаўся: раненне грудной клеткі, курчы. Калі мне яго перадалі, ён крычаў: «Не магу дыхаць! Дапамажыце, каб я дыхаў!» Аказалася, у яго былі аскепкі ў пазваночніку і наогул па ўсім целе. Гэта адзіны момант, які яскрава адклаўся ў маёй памяці. Гэты пах крыві, бруду, пяску і спёкі, гэты смурод. Ведаю, што з тым мужчынам цяпер усё ў парадку, але ён быў вельмі цяжкім. Цяжкімі лічацца ўсе раненні галавы, грудной клеткі, жывата, пашкоджанні магістральных сасудаў і артэрый. Таму што з імі чалавек можа быць стабільны, а праз пяць хвілін — труп.
Хтосьці думае, што самае страшнае — раненні жывата. Але, разумееце, успораты жывот і кішкі вонкі — гэта не так страшна, як выглядае. Ёсць такая адваротная штука: аскепкі залятаюць у жывот і ўтвараюць крывацёк. Вось тут нават маленькае абы-што на паўсантыметра, зусім непрыкметная, можа забіць чалавека.
Калі параніла галаву, усё залежыць ад таго, што прыляцела, з якой адлегласці, ці была каска і якая. Я бачыла гаўнакаскі, калі байцу раскурочвала чэрап. А бачыла ахр***нныя, калі працаваў снайпер, а ў хлопца толькі шышка на лбе. Быў у мяне аскепачак — зусім малюсенькая хе**я, а давялося прамыць хлопчыку мазгі. Мы ўсё закрылі, перадалі яго стабільным на шпіталь. Не ведаю, што здарылася далей, але ён памёр. Яшчэ быў хлопчык з аскепкам сантыметраў на дзесяць у даўжыню і пяць у шырыню — і нічога страшнага, выжыў. Неяк, памятаю, байцу асколак заляцеў з патыліцы, а вылецеў праз скронь. Ты яго стабілізуеш, стабілізуеш, а ён не стабілізуецца…

Самае жудаснае раненне, якое я бачыла, — аскепак праляцеў бокам, і чалавеку знесла паўтвару. Адарвала верхнюю сківіцу, ніжнюю, частку шчакі і нос — і баец жывы. Гэта быў мужчына гадоў 40, з пяхоты, у свядомасці. У яго язык застаўся на месцы, і ён яшчэ спрабаваў з намі размаўляць, але ў такіх выпадках чалавек уводзіцца ў наркоз. Мы ўсё апрацавалі, закрылі і адправілі яго на шпіталь. Цяпер тэхналогіі такія, што некалькі пластычных аперацый — і будзе як новенькі.
Як усе гэтыя раны выглядаюць, цябе не хвалюе. Няма гідлівасці, страху. Ты будзеш калупацца ў прамой кішцы, прамываць мазгі — што заўгодна, каб паранены з’ехаў ад цябе жывым. І ў гэтым, ведаеце, ёсць свая эстэтыка. Але, бывае, застаецца шанец адзін на мільён, і ты стараешся рабіць усё, але раненне не сумяшчальнае з жыццём. Часам прывозяць хлопца, а ў яго ўжо па дарозе спынілася сэрца. Ты робіш рэанімацыю, даеш прэпараты, а яно не запускаецца…
«Халодны калідор, нікога няма, і дарослы мужчына плача над сваім мёртвым братам»
Тых, хто прыйшоў на нашую зямлю, замахвацца на нашую культуру, мне не шкада. Яны прыйшлі сюды з вайной і мусяць быць знішчаныя. А на нашых загінулых цяжка глядзець, хоць я ўжо прывыкла. Магу адкрыць пакет, прычапіць на руку паперку, што ён такі і такі, паглядзець на яго і закрыць. Я не ведаю, як гэта растлумачыць… Я бачыла і разарваныя целы і галовы хлопцаў, і разварочаныя. Часам, калі паміраюць 18-гадовыя, думаеш: «Ён жыцця не бачыў, сям'і няма, адна мама засталася, напэўна». А чым горшы 40-гадовы мужык, у якога жонка, дзеці? Насамрэч без розніцы: 18, 25, 50 або 70 гадоў — гэта ўсё людзі, усе яны — нечыя сыны, мужы, бацькі. Тое, што яны загінулі, выклікае ў мяне нянавісць. Бо мы на сваёй тэрыторыі, мы змагаемся за сваю будучыню. На жаль, сваёй крывёю. Паміраюць хлопцы, якія павінныя атрымліваць асалоду ад жыцця са сваімі жонкамі, дзецьмі, бацькамі.
Кажуць, у нас паміраюць найлепшыя. Так і ёсць. Але, значыць, так трэба было. Гэта вайна. Тут нічога не скончыцца ідэальна. Хтосьці застанецца калекам, хтосьці вернецца ў труне, хтосьці выжыве. Такія рэаліі. Чалавечае жыццё важнае, але без усяго, што ў нас цяпер ёсць, без незалежнай Украіны мы будзем нікім. Чалавек — ніхто без сваёй гісторыі, мовы і нацыянальнасці.
Я асабліва не сутыкаюся з гісторыямі загінулых, але неяк адкрыла кашалёк байца — а там на сэрцайку «Тато, я тебе люблю. Злата» («Тата, я цябе люблю». — Заўв. рэд.). Яшчэ, памятаю, прывезлі байца з траўмамі, несумяшчальнымі з жыццём, цяжкая смерць. Мы вывезлі цела на насілках у калідор, каб яго потым забралі ў морг. Развітацца прыехаў яго брат. І вось халодны калідор, нікога няма, і дарослы мужчына плача над сваім мёртвым братам. Вось гэты боль… Я тады расплакалася. Ты бачыш заручальны пярсцёнак на руках, фатаграфіі дзяцей. Напэўна, гэта такая мімалётная пустата, а потым працягваеш працаваць далей, бо новага параненага вязуць, ды і ты не можаш распыляцца, на ўсіх так рэагаваць.

Больш выбівае, калі камандзір кажа, што твой сябар загінуў, што яшчэ адзін сябар у палоне пасля «Азоўсталі» і пра яго нічога невядома. Калі даведваешся, што няма людзей, з якімі ты ў самым пачатку ела адной лыжкай, спала мат да мата. У нас жа штурмавая брыгада, штурмавікі атрымліваюць больш раненняў, чым артылерысты ці яшчэ хтосьці. Нядаўна загінуў баец, Дабрыня, я ведала гэтага хлопца. Гэта больш выбівае з каляіны, бо чым далей, тым у цябе менш сяброў, знаёмых. І ты баішся, што наогул нікога не застанецца — толькі фатаграфіі, перапіскі, галасавыя паведамленні. Я вельмі многіх страціла. Але не была ні на адным пахаванні, прынцыпова не ездзіла. Не хачу бачыць гэтыя васковыя целы — лепш запомніць гэтых людзей вясёлымі і жывымі.
У мяне загінула шмат знаёмых-медыкаў. Кагосьці ракетай забіла, кагосьці «градамі»… Вось сябар быў яшчэ ў 2014-м на вайне, потым вярнуўся, займаўся сваімі справамі, а калі пачалася поўнамаштабка, прыехаў назад. Нядаўна ажаніўся і літаральна праз месяц загінуў. Малады хлопец, 28 гадоў. У яго была цудоўная жонка, цудоўнае жыццё, цяпер дзяўчына засталася адна. Я гатовая да таго, што нешта можа адбыцца і са мной. Толькі не аскепаак у галаву! Не хочацца стаць гароднінай, быць клопатам. А так — гэта вайна. Камусьці наканавана ў 20 памерці, камусьці — у 70. Ад свайго лёсу не ўцячэш. Але ўсё роўна гэтую тэму ў жартам пераводжу: прашу бацькоў прынесці на магілу чырвоныя ружы (смяецца) і напісаць на помніку «Не пробачимо. Помстимося» («Не даруем. Адпомсцім». — Заўв. рэд.).
«Кожнага рускага мы лечым і перадаём далей. Хоць я б яго забіла проста на стале»
Мне вельмі падабаецца на Данбасе. Тут вельмі прыгожа, адчуваеш сябе як дома. Але Бахмут — мясарубка, дзе ўсё кішыць пі***амі. Не ведаю, адкуль яны там узяліся, чаму іх так шмат, але гэта жах. Ты стаіш, і пры табе горад руйнуецца, яны па ім стралялі ўсім чым толькі можна. І гэта было яшчэ тады, зімой. Калі мы з’ехалі, стала яшчэ горш. Ведаеце, усе казалі: «Фортеця — Бахмут!» («Крэпасць — Бахмут». — Заўв. рэд.) Я магу сказаць, што гэта не фортеця — гэта самы жудасны, крывавы, агідны напрамак. Ты едзеш эвакам на пункт, а пры табе С-300 прылятае ў дзевяціпавярховы дом. Едзеш праз пераправу — цябе х***чаць па поўнай праграме. Бачыш, як снарады трапляюць у дом, а побач дзеці катаюцца на арэльках і гуляюць у мячык. Ты ў броніку хаваешся ў пад’езд, а яны не звяртаюць увагі, дзесьці іх бацькі спакойна гатуюць есці. Я глядзела на гэта і афігевала.
Яны казалі, што ім няма куды ехаць. Ды блін, выбар ёсць заўсёды! Ёсць куча пунктаў для бежанцаў. У Бахмуце тады ідзеш па горадзе і чуеш: «Галя з’ехала ў Маскву, там так добра! Вось паехалі б мы — не былі б пад абстрэламі». Я размаўляла і са старэйшым пакаленнем там — гэта звычайныя пачакуны рускага свету, якія мараць, што рускія прыйдуць, і ўсё будзе добра. Лічаць, што Данецк, Луганск, Харкаў — расійскія гарады. Ды ніфіга не расійскія. Калі ты так хочаш у гэтую Расію — можаш сабраць свае рэчы і з’ехаць. Нават цяпер некаторыя думаюць, што «гэта Украіна страляе, каб усё спіхнуць на Расію», а тая іх прыйдзе і ўратуе.
Такія ёсць усюды, не толькі ў Луганску і Данецку — іх хапае і ў цэнтры Украіны, і на захадзе. І праз такіх мы і атрымліваем цяпер. Я са сталіцы, усё жыццё гаварыла па-руску і цяпер гавару, мяне ніхто ніколі не ўшчамляў за гэта, і я не чакала, што хтосьці прыйдзе мяне ратаваць. Мы ў першую чаргу абараняем сваю тэрыторыю, культуру, мову. І калі скончыцца вайна з суседзямі-тэрарыстамі, будуць унутраныя разбіральніцтвы. Да гэтага мы яшчэ дойдзем. Але пакуль мы вернем усё, што ў нас было, Украіна страціць яшчэ шмат людзей. У тых, хто застанецца жывым, будзе ПТСР. Але вайна будзе ісці яшчэ не адзін год. Пакуль расіяне не адумаюцца і не зразумеюць, якой нарабілі х**ні.
Я бачыла шмат рускіх. Я рускіх, на жаль, лячыла. Яны да нас трапляюць у палон, могуць быць з раненнямі. На жаль, ім даводзіцца аказваць такую ж дапамогу, як і нашым хлопцам, бо вельмі шмат украінцаў — у палоне ў РФ, і іх трэба вяртаць. Таму кожнаму рускаму мы даем папіць вадзічкі, надзяваем яму чыстую вопратку, лечым і перадаём далей. Хоць я б з задавальненнем яго забіла проста на стале.
Я з рускімі камунікавала — і ўсё як пад капірку: «Нас забралі! Нас забралі! Мы сюды не хацелі!» Мы часам сцябаліся: «Так, мы натаўскія войскі!» Але звычайна яны пачынаюць казаць, што ўсё зразумелі, вернуцца ў Расію і ўсім раскажуць, што тут нікога няма, а ўкраінцы адэкватныя. Некаторыя разумеюць, што ўсё, што ім расказвалі, — лухта. Іншыя прызнаюцца, што захацелі адрэналіну і самі пайшлі ваяваць. Мне розныя трапляліся: і Масква, і Растоў, і Варонеж, і далёкія краі. Яшчэ бываюць людзі з самаабвешчаных ЛДНР. У мяне ёсць нават фатаграфія з пашпартам «ДНР», у якім месца нараджэння — Данецк, Украіна. І калі з рускімі мне яшчэ цікава пагаварыць, спытаць, што яны тут забылі, то з гэтымі не. Я не лічу іх сваімі людзьмі — яны здраднікі.
«Чула, што беларусы вельмі добра ваююць. Я іх неяк пытала, што яны тут забылі»
Часта чую: «Калі там контрнаступленне?» Калі б яго не было, мы б ужо даўно ўсё прас**лі. Яно паволі ідзе, мы добра спраўляемся. Добрае планаванне на фронце дазваляе рухацца паступова, але з поспехам. Не ўсё ж так проста і хутка. За прасоўваннем стаяць чалавечыя жыцці і здароўе, пот і бруд, недасып і недаяданне. І яно дакладна не каштуе тых грошай, якія мы атрымліваем. Як часам кажуць: «Вам жа плацяць па 100 тысяч» (100 000 грыўняў — 8800 беларускіх рублёў паводле актуальнага курса Нацбанка. — Заўв. рэд.). Яно наогул таго не каштуе. Мы бачым боль, смерці, разбітыя сем'і, разбураныя дамы, гарады. Гэта чыесьці жыцці, успаміны. Калі ўсе так хочуць гэтага наступу, яны могуць заключыць кантракт з УСУ і прыйсці дапамагаць вызваляць тэрыторыі.
Але людзі ўжо прывыкаюць да вайны, дапамога вайскоўцам змяншаецца, зборы закрываць складаней: «Мы стаміліся. Колькі можна скідваць грошы?» Брыгадаў, што ваююць, шмат, нашая ўлада не можа вылучыць у адзін дзень 100 мільёнаў і падзяліць на ўсіх, каб закрыць усе патрэбы адразу. Вось і атрымліваецца, што патрэбныя валанцёры, дапамога.
Днямі да нас прыязджаў Уладзімір Зяленскі. Я яго бачыла ўпершыню. Ён паглядзеў наш стабпункт, з чым мы працуем, узнагародзіў некаторых хлопцаў. Ці казалі пра сітуацыю, праблемы брыгады, не ведаю: на гэта ёсць камандаванне, а я ўбаку ў калідоры стаяла, назірала. Ён, калі праходзіў міма, усміхнуўся, зацаніў мае татухі (смяецца). Потым усе пафатаграфаваліся з ім, выклалі гэтыя фоткі ў сацсетках і разышліся па сваіх справах. Мы былі радыя, што ён прыехаў, ацаніў нашую працу, падзякаваў. Гэта вельмі важна — ты разумееш, што ўсё робіш правільна, і гэта галоўнае.
Важна, што нас падтрымліваюць, што мы не адны. З намі тут нейкі час быў полк Каліноўскага, прыходзілі дапамагаць. Мне вельмі спадабаліся і медыкі, і хлопцы. Я чула ад нашых вайскоўцаў, што беларусы вельмі добра ваююць. Я іх неяк пытала, што яны тут забылі. Сказалі: «Мы таксама хочам жыць у незалежнай краіне і тут будзем больш карыснымі, чым там. Пераможам у гэтай вайне — Беларусь таксама стане незалежнай». А ў мяне няма злосці да людзей, якія ваююць за нас. Я вам больш скажу — у нас у брыгадзе ёсць расіяне! Так, для мяне існуюць «добрыя рускія», яны тут ваююць яшчэ з 2014 года. Тут жа рэч не ў нацыянальнасці — нам дапамагаюць людзі з розных краін, і важна, што ўсе мы на адным баку, змагаемся супраць аднаго рэжыму. А вайна не скончыцца хутка, яшчэ некалькі гадоў яна будзе ісці, калі не даўжэй, і ўвесь гэты час я планую заставацца тут.
«На грамадзянцы некаторыя кажуць мне: „Нешта не відаць, што ты з вайны вярнулася“»
Калі мама тэлефануе з Кіева, то пытае, як я маюся, што я ела сёння, што рабіла. Ну і яшчэ пытае, калі ў адпачынак. У адпачынку я была некалькі разоў, апошні — у траўні. Мне складана вяртацца ў мірнае жыццё. Ты прыязджаеш — усе ходзяць па клубах, тусуюцца, бухаюць і да таго падобнае. На фронце ты бачыш смерці, ампутацыі, а там — п’яных пацаноў. Я не супраць, каб людзі хадзілі ў клубы. Усім трэба працаваць, аплачваць кватэры, камуналку. Я разумею. Але дэманстратыўна так… Усе мусяць разумець, што ў краіне вайна. Мы не робаты, мы не вечныя. Хтосьці выходзіць з ладу, хтосьці — назаўсёды, і нас давядзецца замяніць. Замест таго каб паказваць, які ты афігенны, што адкасіў ад войска, што можаш сабе дазволіць тусіць, вучыся медыцыне, тактыцы, абыходжанню са зброяй. Хоць і на вайне не ўсе героі. Бывае, чалавек прыходзіць, такі вікінг: «Я хачу ваяваць!» А на першай задачы, прабачце, аба***ся. А які-небудзь ціхоня на штурме сябе вельмі добра паказвае, нават калі яму 18 або 50 гадоў.

І яшчэ на грамадзянцы некаторыя кажуць мне: «Нешта не відаць, што ты з вайны вярнулася». У мяне ёсць манікюр, вейкі. Я нічога такім не адказваю. Гэта мой камфорт — у мяне ў кожным горадзе, дзе мы былі, свой майстар, калі трэба — ёсць масажыст (смяецца). У заплечніку заўсёды ляжыць фен, у самай глушы змагу знайсці, дзе памыцца, высушыць валасы (а я іх мыю кожны дзень!). У мяне ўсё схоплена за гэтыя паўтара года (смяецца). Гэта проста мая гігіена, я так прывыкла і не збіраюся здраджваць сваім звычкам праз вайну. І мне ўсё роўна, што нехта там падумае.
Але крыўдна, хоць нават не крыўдна — агідна, калі прыязджаеш і на цябе глядзяць як на нейкае гаўно. Маўляў, не трэба тут хадзіць у форме. Такіх рэакцый дастаткова. Вось нам адпачынак павялічылі — далі 30 дзён плюс 10 па сямейных абставінах — і пачалося: «А хто ваяваць будзе? Калі гэта ўсё скончыцца?!»
Я за гэтыя паўтара года на сябе па-іншаму паглядзела, стала маральна стабільнейшай. Вайна дала мне шмат цікавых магчымасцяў, я ёй нават у нечым удзячная. Думаю, мы ўсе будзем сумаваць, нас усіх пачне накрываць: захочаш назад, убачыць сваіх пабрацімаў, пражыць гэтыя штурмы, адчуць адрэналін. Бо мы вернемся на грамадзянку, а што там рабіць? Не будзе гэтага экшну, паездак, гэтых сяброў (хоць на той момант большая частка з іх ужо будзе ў зямлі). Але што рабіць далей? Велізарны плюс, у каго ёсць сям’я і хто зможа вярнуцца туды, глядзець, як растуць дзеці. Хтосьці адкрые свой бізнес — мы з дзяўчынкай, з якой разам ваюем, вырашылі пасля вайны прайсці курс барбераў і адкрыць свой барбершоп. Будзем стрыгчы мужыкоў! (смяецца) Але мне будзе не хапаць гэтага экшну, бяссонных начэй, выездаў на эваку, раненняў — гэта адрэналінавая наркаманія.
Таму, з аднаго боку, хочацца, каб гэта хутчэй скончылася — гэтая мясарубка, кроў, смерці. А з іншага, хочаш працягнуць гэтае адчуванне, рух, каб не вяртацца на грамадзянку. Калі я апошні раз прыехала ў Кіеў, было дыскамфортна знаходзіцца там, дзе ўсе жывуць сваім жыццём. І я нават нікому не сказала, што ў адпачынку. Зрабіла выгляд, што я ўсё яшчэ на Данбасе.
Чытайце таксама


